БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т

(БНК) у Рэгенсбургу, грамадская арганізацыя ў Германіі ў 1945—50, якая займалася культ.-асв., дабрачыннай дзейнасцю сярод бел. эмігрантаў. Створаны ў жн. 1945 у амер. акупац. зоне для прадстаўніцтва бел. пасляваен. эміграцыі. У снеж. 1945 БНК дамогся спынення прымусовай рэпатрыяцыі беларусаў і правоў на арг-цыю бел. нац. лагераў для перамешчаных асоб (былі створаны ў Рэгенсбургу, Міхельсдорфе, Розенгайме, Остэргофене, Ватэнштэце, Мітэнвальдзе і інш.). БНК супрацоўнічаў з амер. акупац. ўладамі, К-там Аб’яднаных Нацый па дапамозе і аднаўленні (ЮНРРА),

з інш. нац. камітэтамі па аказанні дабрачыннай дапамогі былым вязням, інвалідам, сіротам. Па ініцыятыве БНК у вер. 1945 у бел. лагерах былі адчынены 2 школы, у снеж. 1945 — першая бел. гімназія на чужыне (гл. Беларуская гімназія імя Янкі Купалы). Дзейнасць БНК спынена ў выніку масавага ад’езду з Германіі бел. эмігрантаў.

Т.А.Папоўская.

т. 2, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)